Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Адмiнiстрацыя
Навабелiцкага раёна г.Гомеля
Галоўная / Навiны / Навiны раёна

Навiны раёна

10 верасня 2021 года

У якім парадку рабіць прышчэпкі ад грыпу і кавіду? Расказвае эксперт 

Прышчэпачная кампанія супраць грыпу стартуе ў гэтым годзе ў звычайныя тэрміны - у кастрычніку. Але ў сувязі з вакцынацыяй ад COVID-19 яна прадоўжыцца на месяц даўжэй - да студзеня 2022-га. Разбіраемся разам са спецыялістам, як перажыць гэтыя дзве інфекцыі, ад чаго ў першую чаргу прышчапіцца і якую вакцыну выбраць.

Разбіць ворага паасобку

У РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі рэкамендуюць адразу прайсці вакцынацыю ад каранавіруса. І толькі потым рабіць прышчэпку ад грыпу. Інтэрвал паміж імі павінен быць не меншы за два тыдні.

Ці можна сумяшчаць абедзве прышчэпкі? Пакуль такіх рэкамендацый урачы не даюць. Трэба пачакаць. Інакш кажучы, зрабіць перапынак паміж прышчэпкамі ад каранавіруса і грыпу. Так больш надзейна - разбіць ворага паасобку, па чарзе.

У свеце ў чалавечай папуляцыі цыркулююць чатыры вірусы грыпу, з якіх два падтыпы віруса А і два - віруса В. Адзін з вірусаў А (H1N1) у 2009 годзе нават выклікаў пандэмію, атрымаўшы ў народзе назву "свіны", паколькі трапіў да чалавека, прайшоўшы традыцыйна не толькі праз вадаплаўных птушак, але і свіней. З цягам часу ён стаў сезонным і прадаўжае цыркуляваць у чалавечай папуляцыі. Таксама сярод нас вось ужо больш за 50 гадоў і вірус грыпу А (Н3N2). Ходзіць то адзін, то другі, а іншым разам абодва разам.

Для вакцынацыі ад грыпу выкарыстоўваюцца трохкампанентныя або чатырохкампанентныя прышчэпкі, у аснове якіх два вірусы тыпу А і адзін або два вірусы грыпу тыпу В.

У нашай краіне для масавай вакцынацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту прапануецца трохвалентная процігрыпозная вакцына (два вірусы А і адзін з групы В). У бягучым годзе ў вакцыне зменены два кампаненты віруса грыпу А, кампанент В застаўся без змянення. Прычына таго наступная. У працэсе цыркуляцыі ў чалавечай папуляцыі вірус змяняе свой склад і нібы знікае з поля зроку нашай імуннай абароны, якая перастае яго распазнаваць. Па гэтай прычыне састаў вакцыны актуалізуецца - абнаўляецца. За цыркуляцыяй вірусаў грыпу ў свеце адказваюць 149 нацыянальных цэнтраў, у тым ліку лабараторыя грыпу і грыпападобных захворванняў, якой кіруе эксперт РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі кандыдат медыцынскіх навук Наталля Шмялёва.

Рэспіраторны этыкет ніхто не адмяняў

Грып, як і каранавірус, перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Урачы і вучоныя раяць усім захоўваць рэспіраторны этыкет: насіць маскі ў калектывах, захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Абавязкова трэба карыстацца антысептыкамі для рук: кантактавы шлях перадачы віруса таксама можа быць. Гэтага нельга выключаць.

І яшчэ. Вірусы любяць вільготнае асяроддзе, але закрыць яго ў слоік разам з закаткамі не атрымаецца. Не бойцеся - не адмаўляйцеся ад нарыхтовак традыцыйных агурочкаў і памідорчыкаў. Нават калі туды вірус трапіць, ён не вытрымае там і мінуты. Пры тэрмічнай апрацоўцы, кансерваванні, змяненні PH-адмоўнага асяроддзя ён страчвае сваю жыццяздольнасць і гіне.

Без страты нюху і смаку

Па якіх прыкметах можна вызначыць, захварэў чалавек на каранавірус або грып?

"Цяжка адназначна адказаць, якая ў вас інфекцыя. Клінічныя праявы любога рэспіраторнага захворвання падобныя. Разам з тым для грыпу характэрны востры пачатак, моцны галаўны боль, ламота ў мышцах і суставах. У каранавіруса больш паступовае нарастанне... Многае, у тым ліку форма цяжкасці захворвання, залежыць ад стану імуннай сістэмы. У выніку ў аднаго - лёгкі, "сцёрты" ход хваробы на COVID-19, якую могуць выявіць толькі ў час выпадковага тэсціравання, гэта значыць па ўсіх характарыстыках гэта можа быць клінічна здаровы чалавек, а на самай справе хварэе ў бессімптомнай форме. А другі, перанясе інфекцыю цяжка".

Пра клінічныя праявы каранавіруса. Іх шмат. Цяпер ужо меншы працэнт людзей, у якіх адзначаецца страта нюху і смаку і іншыя тыповыя раней прыкметы.

Спецыялісты нагадваюць, што клапаціцца пра сваё здароўе трэба заўсёды, як і рэгулярна наведваць урача. Але! "Самастойна назначаць сабе дыягнастычныя працэдуры і лячэнне як мінімум неразумна, - лічыць Наталля Шмялёва. - Усё павінен вырашаць урач, з якім трэба абмеркаваць ваш стан і спадарожныя захворванні, калі яны ёсць. Ён жа вырашае, ці патрэбны вам рэнтген, флюараграфія або КТ. Майце на ўвазе, што гэтыя працэдуры звязаны з дадатковым апрамяненнем".

Расійская або кітайская?

Нядаўна ў Беларусь прыбыў самалёт з Пекіна, на яго борце дастаўлена 1,5 млн доз вакцыны супраць COVID-19, з якіх 500 тыс. Кітай прадаставіў нам у якасці гуманітарнай дапамогі і яшчэ 1 млн доз пастаўлена па закупцы.

Чым адрозніваецца кітайская вакцына ад расійскіх "Спадарожнік V", "Спадарожнік Лайт", якой з іх лепш прышчапляцца, тлумачыць Наталля Шмялёва.

"У кожнага з нас свае густы. Кітайская вакцына некаму больш падабаецца, таму што зроблена па старой, праверанай тэхналогіі на аснове забітага віруса. "Спадарожнік V" і "Спадарожнік Лайт" - гэта сучасная вектарная вакцына. У якасці асновы выкарыстоўваецца адэнавірус чалавека, у геном якога ўкаранёны фрагмент гена каранавіруса, які кадзіруе S-бялок SARS-CoV-2, а імунная сістэма выпрацоўвае антыцелы да гэтага бялку, інакш кажучы, антыцелы супраць COVID-19. Гэта і ёсць той імунны адказ, які мы чакалі. Але прызначэнне кожнай вакцыны - папярэдзіць інфіцыраванне, знізіць верагоднасць цяжкіх наступстваў у выпадку, калі чалавек усё ж захварэе. З гэтай задачай спраўляюцца абедзве вакцыны", - заўважае спецыяліст.

Крыху раней у нашу краіну з Расіі паступіла і вакцына "Спадарожнік Лайт" - 250 тыс. доз. Чым яна адрозніваецца ад кітайскай і вядомай нам "Спадарожнік V"? "Спадарожнік V" і кітайская вакцына двухразовыя, гэта значыць, складаюцца з двух кампанентаў і ўводзяцца двойчы праз пэўныя часавыя інтэрвалы.

"Спадарожнік Лайт" - гэта першы кампанент процівіруснай вакцыны "Спадарожнік V", які зарэгістраваны як асобны прэпарат, - адзначыла Наталля Пятроўна. - Ён прызначаны для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі ў маладых людзей. Таксама рэкамендаваны для тых людзей, хто перахварэў на каранавірус, у якіх паступова згасае імунны адказ".

"Спадарожнік Лайт" актывізуе, падштурхне імунную сістэму. Трэцяя група, якой рэкамендаваны "Спадарожнік Лайт", - асобы, якія былі прышчэплены раней, больш за 6 месяцаў таму, і ім патрабуецца рэвакцынацыя. Імунітэт доўга не захоўваецца ні пасля прышчэпкі, ні пасля перанесенага захворвання - праз нейкі час схільны да згасання.

Разам з тым Сусветная арганізацыя аховы здароўя пакуль гэтай групе асоб раіць устрымацца ад рэвакцынацыі: трэба даць магчымасць усім жадаючым прайсці курс вакцынацыі. Так мы хутчэй імунізуем большую колькасць людзей.

Кажуць, у кожнай папуляцыі ёсць невялікая праслойка людзей, маючых Т-клетачны імунітэт, які не дае ім захварэць на COVID-19, і гэта пацвярджаюць генетычныя даследаванні. Атрымліваецца, такім людзям не патрэбна прышчэпка?

Вось што наконт гэтага раяць вучоныя. У барацьбе з інфекцыяй немэтазгодна абследаваць стан імуннай сістэмы ўсіх людзей. Так, у некаторых бывае індывідуальная неўспрымальнасць да інфекцыі. Але трэба ўлічваць той факт, што іншым часам стан самай моцнай імуннай сістэмы можа даць слабіну пад уплывам розных прычын. Таму лепш зрабіць прышчэпку.

Ад грыпу плануецца вакцынаваць каля 40 працэнтаў насельніцтва краіны.

У нашай краіне прытрымліваюцца прынцыпу добраахвотнасці пры вакцынацыі. І хоць прышчэпка ад COVID-19 не гарантуе таго, што вы не захварэеце, але хвароба будзе праходзіць значна лягчэй.

"Увесь час апелюю да даных - нашых і міжнародных мультыцэнтравых даследаванняў: шпіталізацыя вакцынаваных у 29 разоў меншая, чым непрышчэпленых! Таму мы ўсімі сіламі будзем рэкамендаваць вакцынавацца тым, хто гэтага яшчэ не зрабіў!" - падкрэсліў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Акрамя COVID-19, нас атакуюць яшчэ чатыры віды каранавіруса чалавека, штогод выклікаючы рэспіраторныя захворванні! У працэсе цыркуляцыі вірус паступова страчвае сваю агрэсіўнасць, таму COVID-19, спадзяёмся, з цягам часу таксама стане сезонным.

Калі з'явіўся новы каранавірус, вучоныя гаварылі, што для выпрацоўкі калектыўнага імунітэту неабходна вакцынаваць 70 працэнтаў насельніцтва. Аднак кожная мутацыя віруса павялічвае эфектыўнасць яго перадачы, і цяпер неабходна, каб імунная праслойка была вышэйшая за 80-85 працэнтаў.

Дэльта-штам наступае

Каранавірус здольны хутка муціраваць і відазмяняцца. "Яго мэта, як любога віруса, - не забіць чалавека, а самому выжыць у нашай папуляцыі, таму ён муціруе, прыстасоўваецца, і так з'яўляюцца новыя штамы, - раскрывае стратэгію і тактыку каварнага віруса Наталля Шмялёва. - COVID-19 перадаецца ад чалавека да чалавека як рэспіраторная інфекцыя і выклікае масавую захваральнасць, прыносячы істотны ўрон здароўю людзей".

У пачатку пандэміі гэта інфекцыя перадавалася не так актыўна, але працэнт смяротнасці быў вышэйшы. Потым вірус стаў відазмяняцца, з'явіўся шэраг штамаў, у тым ліку найбольш заразны - дэльта-штам COVID-19. Цяпер на Еўрапейскім кантыненце пераважае варыянт дэльта - больш за 98 працэнтаў за мінулы тыдзень. Паколькі Беларусь - частка Еўропы, у нас таксама распаўсюджваецца дэльта. Ён больш актыўна перадаецца, што пацвярджае статыстыка захваральнасці, але лятальнасць (працэнт памерлых ад колькасці захварэўшых) ад яго меншая.

Чума XXI стагоддзя

Нядаўна віцэ-прэм'ер Расіі Таццяна Голікава сказала, што новая каранавірусная інфекцыя на сёння аднесена да другой групы патагеннасці, куды таксама ўваходзяць чума і сібірская язва. Мы недаацанілі COVID-19?

"Усе вірусы, якія выклікаюць пандэмію (каранавірус, вірус грыпу) адносяцца да гэтай групы патагеннасці. Але гэта датычыцца рэжыму работы з жывым узбуджальнікам. Калі ж размова ідзе аб дыягностыцы, гэта звычайны рэспіраторны вірус, інакш кажучы, ужо трэцяя група патагеннасці, - расставіла акцэнты Наталля Шмялёва. - Чым вышэйшая эфектыўнасць перадачы таго ці іншага віруса (гэта значыць, колькі чалавек можа заразіць інфіцыраваны), тым вышэйшая павінна быць імунная праслойка. Напрыклад, штогод ад грыпу ў нас прышчэпліваюцца 75 працэнтаў грамадзян з груп рызыкі і 40 працэнтаў усяго насельніцтва. Паколькі эфектыўнасць перадачы віруса, што выклікае COVID-19, вышэйшая, чым у грыпу, то ахоп вакцынацыяй павінен быць таксама вышэйшы. Напрыклад, калі гаварыць пра адзёр, то выклікаючы яго вірус з'яўляецца адным з самых заразных. Таму, згодна з рэкамендацыямі СААЗ, імунная праслойка папуляцыі павінна быць 95 працэнтаў і вышэйшая. Не выпадкова ўсіх у дзяцінстве прышчэпліваюць ад адру, каб стварыць імунную праслойку. Пры гэтым вакцынацыя - справа добраахвотная. Аднак трэба помніць, што клінічны ход хваробы можа быць розны. Мы павінны несці адказнасць не толькі за сябе, але і за асяроддзе".

Тамара МАРКІНА


Вярнуцца