Навiны раёна
Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць 3 1 па 9 чэрвеня
Выпускныя
экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Аб гэтым паведаміла
намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і
спецыяльнай адукацыі - начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства
адукацыі Ірына Каржова на прэс-канферэнцыі "Аб завяршэнні навучальнага
года і правядзенні выпускных экзаменаў. Пытанні арганізацыі дзіцячага адпачынку
і аздараўлення ў летні перыяд", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пытанні правядзення выпускных экзаменаў
у школах Беларусі ў гэтым годзе засталіся нязменнымі ў параўнанні з мінулым
навучальным годам. Яны пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Пералік прадметаў, па якіх
вучні выпускных класаў здаюць выпускныя экзамены, а таксама формы іх
правядзення таксама не змяніліся. Нагадаю, дзевяцікласнікам трэба будзе здаць
тры абавязковыя выпускныя экзамены: руская мова (дыктант), беларуская мова
(дыктант), матэматыка (кантрольная работа). Працягласць кантрольнай работы па
матэматыцы складае чатыры астранамічныя гадзіны. Час правядзення экзаменаў па
рускай і беларускай мовах - адна астранамічная гадзіна. Вучні 11-х класаў
здаюць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: руская або беларуская мова на
выбар вучня (пераказ), матэматыка (кантрольная работа). А таксама два вусныя
экзамены: гісторыя Беларусі і замежная мова. Працягласць кантрольнай работы па
матэматыцы ў гэтым выпадку складае пяць астранамічных гадзін, час напісання
пераказу - чатыры астранамічныя гадзіны. На падрыхтоўку для адказу па білеце
адводзіцца 30 мінут", - расказала Ірына Каржова.
Міністэрствам адукацыі вызначаны наступныя
даты для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме: 1, 3, 6 чэрвеня
будуць аб'яўляцца тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у 11-м
класе, 2, 7, 9 чэрвеня - у 9-м класе. Канчатковыя расклады вучэбных заняткаў
зацвярджаюцца кіраўніком установы адукацыі. Пры складанні гэтага раскладу ў
першую чаргу ўлічваюцца тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі для
правядзення пісьмовых работ. Недапушчальна, каб у адзін дзень было больш за
адзін выпускны экзамен, прамежак паміж імі павінен складаць не менш за адзін
дзень.
Як і ў мінулыя гады, тэксты і заданні для
правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб'яўляцца ў прамым
эфіры па "Беларусь 1", а таксама будуць размяшчацца на партале
Міністэрства адукацыі.
Катэгорыі вучняў, якія могуць быць вызвалены
ад выпускных экзаменаў, таксама засталіся нязменнымі ў параўнанні з мінулым
навучальным годам. "Гэта вучні, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў каманды
Беларусі для ўдзелу ў прадметных міжнародных алімпіядах і іншых інтэлектуальных
спаборніцтвах. Падлягаюць вызваленню навучэнцы па лініі Міністэрства спорту -
гэта тыя навучэнцы, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі спартыўных мерапрыемстваў або
збораў па падрыхтоўцы да іх, калі тэрміны правядзення спартыўных мерапрыемстваў
і збораў супадаюць з датамі правядзення выпускных экзаменаў. Вызваленню ад
выпускных экзаменаў падлягаюць вучні па медыцынскіх паказаннях, калі хвароба
ўключана ў пералік медыцынскіх паказанняў, зацверджаных Міністэрствам аховы
здароўя, а таксама навучэнцы, якія вучацца дома і якія маюць дзяцей ва ўзросце
да 3 гадоў. Ад выпускных экзаменаў вызваляюцца і пераможцы заключнага этапу
Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах", - праінфармавала
кіраўнік.
Ірына Каржова адзначыла: пераможцам алімпіяды
па адпаведным вучэбным прадмеце выстаўляецца 10 балаў. "Вызваленым ад
выпускных экзаменаў на іншых падставах у якасці падагульняючых выстаўляюцца
гадавыя адзнакі. Адзнакі, атрыманыя вучнямі на выпускных экзаменах, якія
праводзяцца ў вуснай форме, аб'яўляюцца пасля завяршэння выпускнога экзамену, а
ў пісьмовай форме - не пазней, чым за адзін дзень да правядзення наступнага
выпускнога экзамену. Экзаменацыйныя падагульняючыя адзнакі, гадавыя адзнакі па
вучэбных прадметах перагляду не падлягаюць. За вырашэнне ўсіх пытанняў,
звязаных з завяршэннем навучальнага года, арганізацыяй правядзення выпускных
экзаменаў ва ўстановах адукацыі персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі
ўстаноў адукацыі", - рэзюмавала яна.